ГРУЗІ́НСКАЯ МО́ВА,
адна з іберыйска-каўказскіх моў (картвельская група). Мова грузін, дзярж. мова Грузіі. Пашырана таксама на Паўн. Каўказе, у Азербайджане, Турцыі і Іране. Мае 2 групы дыялектаў, адрозненні паміж якімі нязначныя: горскія (хевсурскі, пшаўскі, тумскі і інш.) і плоскасныя (картлійскі, кахецінскі, імерэцінскі, рачынскі, гурыйскі, аджарскі і інш.). У развіцці літ. грузінскай мовы вылучаюць або 2 перыяды — старажытны (5—11 ст.) і новы (з 12 ст.), або 3 — стараж. (5—11 ст.), сярэдні (12—18 ст.) і новы (з 19 ст.). З 1860-х г. развіваецца адзіная літ. грузінская мова (аснова — картлійскі і кахецінскі дыялекты).
У фанетыцы грузінскай мовы 5 галосных і 28 зычных; у сістэме зычных назіраецца 5 траічных проціпастаўленняў звонкі — глухі — змычна-гартанны; асобна вылучаюцца фарынгальны і ларынгальны. Слабы сілавы націск на пачатковым складзе слова. У марфалогіі — аглюцінацыя з мноствам прэфіксальных формаў. У сінтаксісе — эргатыўная канструкцыя. Грузінская мова мае стараж. арыгінальнае пісьменства (гл. Грузінскае пісьмо).
т. 5, с. 456
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)